• Галоўная
  • Карта сайта
  • Пошук
  • Кантакты

79-ы тэатральны сезон


Сімфанічны аркестр | Друк |


Сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь – старэйшы творчы калектыў рэспублікі. Гістарычныя асновы яго фарміравання былі закладзены ў пачатку ХХ стагоддзя і цесна звязаны з традыцыямі беларускай нацыянальнай культуры.

У 1933 годзе прэм’ерай оперы “Кармэн” быў адкрыты Дзяржаўны тэатр оперы і балета. Класічны рэпертуар стаў асновай прафесійнага станаўлення аркестра. У розныя гады яго ўзначальвалі знакамітыя дырыжоры: І.Гітгарц, М.Грубін, А.Брон, В.Пірадаў, Л.Любімаў, Г.Дугашаў, К.Ціханаў, Я.Вашчак, Г.Праватораў, А.Анісімаў. За дырыжорскім пультам стаялі многія выдатныя замежныя майстры: Р.Сатаноўскі, Й.Алекса, Ф.Мансураў, Я.Колабаў, В.Гергіеў, Р.Вайкерт і інш.

Выдатныя вакалісты сучаснасці – Іван Казлоўскі, Сяргей Лемешаў, Віргіліус Нарэйка, Яўген Несцярэнка, Бэла Рудэнка, Людміла Шамчук, Галіна Вішнеўская, Алена Абразцова, Ірына Архіпава, Марыя Біешу, Уладзімір Атлантаў, Уладзіслаў П’яўко, Марыя Гулегіна, Паата Бурчуладзе і многія іншыя – з пачуццём шчырай сімпатыі адзываліся аб працы з калектывам аркестра.
Аркестр Беларускай оперы праводзіць на стацыянары ўсе оперныя спектаклі і спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь, а таксама пастаянна ўдзельнічае ў замежных гастролях. Ён вядомы публіцы Масквы, Кіева, Вільнюса, выступаў у лепшых тэатрах і канцэртных залах Бразіліі, Венгрыі, Германіі, Ганконга, Грэцыі, Ізраіля, Іспаніі, Кувейта, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Тайланда. З лютага 1992 года, калі аркестр упершыню выехаў на гастролі ў Іспанію з сімфанічнай праграмай і атрымаў захоплены прыём публікі Мадрыда, Ла Каруньі, Барселоны, аркестр пачаў гастраляваць за мяжой з праграмай сімфанічнай музыкі. З 1998 па 2002 год прымаў удзел у фестывалях опернай музыкі "Classic Openair" у г. Салатурн (Швейцарыя). З калектывам выступалі вядомыя за мяжой спевакі – Джузепе Джакаміні, Гвінет Джонс, Крысціян Йохансан, Франсіска Араіза, Эдуарда Тумаджыан, Антоніа Сальвадоры, Сальваторэ Фізікела, Наомі Нэйдэльман і інш. Высокі прафесійны ўзровень аркестра Беларускай оперы адзначаўся ў шматлікіх публікацыях замежнай прэсы.

Сімфанічны аркестр Беларускай оперы налічвае больш за 150 таленавітых музыкантаў, якія атрымалі адукацыю ў вядучых кансерваторыях краін былога СССР і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Рэпертуар аркестра надзвычай шырокі: оперы, балеты, творы кантатна-аратарыяльнага жанру (“Рэквіем” Дж.Вердзі, “Карміна Бурана” К.Орфа, “Вясна” С.Рахманінава і інш.), сімфанічныя праграмы і гала-канцэрты з удзелам хора і салістаў Беларускай оперы.