| Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь | | Друк | |
|
Дзяржаўны тэатр оперы і балета быў адкрыты 25 мая 1933 года. Але яго гісторыя пачалася яшчэ ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ – 1), які меў у сваім складзе салістаў оперы, харавую і балетную групы і невялікі сімфанічны аркестр. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, урыўкі з опер і балетаў, гучала народная музыка.
У 1920-я гады будучыя зоркі беларускага опернага і балетнага мастацтва абучаліся ў музычных тэхнікумах Мінска, Віцебска, Гомеля, а таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі оперы і балета, якую ўзначальваў вядомы спевак Антон Баначыч – у мінулым партнёр Шаляпіна па выступленнях у Марыінскім тэатры. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваны прафесійныя артысты і пастаўлены оперы "Залаты пеўнік", "Кармэн", "Яўген Анегін", "Царская нявеста". 25 мая 1933 года спектаклем "Кармэн" у Мінску быў адкрыты Дзяржаўны тэатр оперы і балета. Беларусь паступова пачынае набліжацца да высокапрафесійнай музычна-драматычнай творчасці і выканальніцкага мастацтва, далучацца да еўрапейскай опернай спадчыны, уваходзіць ў сусветны культурны працэс. Першыя спектаклі 1933 года – "Кармэн", "Яўген Анегін", "Пікавая дама", "Чырвоны мак". Першымі дзеячамі тэатра былі галоўны дырыжор і першы дырэктар Дзяржаўнага тэатра оперы і балета І. А. Гітгарц, Г. Н. Пятроў (дырыжор), В. М. Барысевіч (рэжысёр), Л. В. Крамарэўскі (балетмайстар); спевакі: Л. П. Александроўская, Р. В. Млодэк, С. Ю. Друкер, І. М. Балоцін, М. І. Дзянісаў; салісты балета: А. В. Нікалаева, Т. С. Узунава, Ю. В. Хераска, С. В. Дрэчын і інш. Пры тэатры працавала балетная студыя, дзе займаліся найболей адораныя дзеці і ўдзельнікі самадзейных гурткоў з усёй рэспублікі. 10 мая 1939 года прэм'ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага "Міхась Падгорны" адкрыўся ўласны будынак тэатра на Траецкай гары, праект якога належыць вядомаму архітэктару Іосіфу Лангбарду. Першым балетным спектаклем, паказаным у 1939 годзе на сцэне новага будынка тэатра, стала "Лебядзінае возера" ў пастаноўцы К. Мулера, выпускніка Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча, які выконваў вядучыя партыі ў найбуйнейшых тэатрах краіны. Балетная трупа складалася ў той час больш як з 100 чалавек, прафесійная падрыхтоўка якіх была даволі высокай. Ужо ў чэрвені 1940 года тэатр гучна заявіў пра сябе ў Маскве, дзе з поспехам былі паказаны тры нацыянальныя оперы: "Міхась Падгорны" Яўгена Цікоцкага, "У пушчах Палесся" Анатоля Багатырова і "Кветка шчасця" Аляксея Туранкова. Значнай падзеяй для тэатра стала пастаноўка першага нацыянальнага балета "Салавей" (музыка М. Крошнера па аповесці З. Бядулі, харэаграфія А. Ермалаева, мастак Б. Матрунін, 1940). Поспех спектакля быў абумоўлены ўдалым аб'яднаннем лексікі класічнага танца і беларускай народнай харэаграфіі, увасабленнем дзейснга вобраза народа, выразнасцю лірычнай лініі галоўных герояў Зоські і Сымона (А. Нікалаева і С. Дрэчын). Прыкметнай падзеяй у гісторыі нацыянальнага балета з'яўляецца і пастаноўка балета "Князь-возера". Дастойная музыка В. Залатарова, скразное сімфанічнае развіццё, яскравае выкананне, удалае рашэнне балетмайстрам К. Мулерам масавых, ансамблевых і сольных танцаў, узбагачэнне танцавальнай лексікі фальклорнымі элементамі, майстэрства і тэмперамент выканаўцаў галоўных роляў А. Никалаевай і С. Дрэчына, маляўнічасць дэкарацый мастака С. Нікалаева вызначылі поспех спектакля. Падчас Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) Беларусь была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. Мінск падвергся жорсткім бамбардыроўкам, у выніку якіх горад быў ператвораны ў руіны. Многія артысты тэатра пайшлі на фронт або далучыліся да партызанскага руху. Тэатр эвакуіраваўся ў Паволжа Расіі. Артысты розных жанраў стваралі франтавыя канцэртныя брыгады і выступалі на перадавой перад салдатамі Савецкай Арміі. Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск і 21 снежня 1944 года адкрыў сезон прэм'ерай оперы Яўгена Цікоцкага "Алеся" на сцэне Дома афіцэраў, які цудам уцалеў пасля бамбардзіроўкі. Гэта падзея адзначыла адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі. Пасля рамонту і рэканструкцыі будынка тэатра, пашкоджанага бамбёжкай, адбылося ўрачыстае адкрыццё 7 лістапада 1947 года операй “Кастусь Каліноўскі” Дз. Лукаса. Вельмі хутка Беларускі тэатр оперы і балета ўвайшоў у лік прызнаных лідэраў на культурнай прасторы СССР. У былым Савецкім Саюзе тэатр меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных оперных калектываў Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як Анісім Брон, Уладзімір Пірадаў, Леў Любімаў, Таццяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімір Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў; рэжысёры Алег Маралеў, Дзмітрый Смоліч, Юрый Ужанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар’ева; балетмайстры Леў Крамарэўскі, Канстанцін Мулер, Сямён Дрэчын, Аляксей Андрэеў, Атар Дадышкіліяні, Валянцін Елізар’еў; мастакі Сяргей Нікалаеў, Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Окунеў. Тэатр мног разоў гастраляваў на самай прэстыжнай сцэне былога СССР – у Вялікім тэатры ў Маскве. Паспяховыя гастролі 1940 года прынеслі тэатру ганаровае званне "Вялікі", 1964 года – "акадэмічны". У 50-я гады значныя дасягненні беларускага балета злучаны, галоўным чынам, з увасабленнем балетнай класікі – спектакляў "Эсмеральда" на музыку Цэзара Пуні, "Жызэль" і "Карсар" Адольфа Адана, "Баядэрка" Людвіга Мінкуса. Былі пастаўлены ўсе балеты Пятра Чайкоўскага ("Лебядзінае возера", "Спячая прыгажуня", "Шчаўкунок"). Развіццё нацыянальных тэндэнцый у балеце звязана з творчасцю беларускіх кампазітараў. На сцэне тэатра былі пастаўлены тры балета Яўгена Глебава: "Мара", "Альпійская балада" і "Выбранніца". Асаблівасці сюжэта балета на сучасную тэму "Мара" (балетмайстар А. Андрэеў) запатрабавалі ад стваральнікаў спектакля засваення новых інтанацыйных крыніц і пластоў танцавальнай лексікі (спектакль будаваўся на вобразным кантрасце паміж сцэнамі з лацінаамерыканскай і беларускай рэчаіснасці). У яго сцэнічным увасабленні вялікую ролю сыгралі артысты А. Карзянкова, І. Савельева, В. Крыкава, В. Давыдаў, М. Красоўскі. Балет "Альпійская балада" (па аднайменнай аповесці В. Быкава, харэограф А. Дадзішкіліані) раскрываў драму герояў сродкамі сучаснай сімфанічнай драматургіі, у аснове якой – сутыкненне процілеглых інтанацыйных сфер, дзе адна ўвасабляе вобразы чалавечнасці, а іншая – свет насілля і зла. У ролі Джуліі з вялікім поспехам выступіла К. Малышава. Значны ўклад у развіццё беларускага музычнага тэатра ўнёс Генрых Вагнер – народны артыст Беларусі з 1986 года. На сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі на музыку Г.Вагнера быў пастаўлены лірыка-камедыйны балет "Падстаўная нявеста" (1958), лірыка-драматычныя балеты "Святло і цені" (1963) і "Пасля балю" (1971), а таксама опера "Сцежкаю жыцця" (1980). Нацыянальныя оперы, створаныя беларускімі кампазітарамі, прысвечаны старонкам гісторыі Беларусі: "Надзея Дурава" Анатоля Багатырова (1956), "Зорка Венера" (1970) і "Новая зямля" (1982) Юрыя Семянякі, "Сівая лягенда" Дзмітрыя Смольскага (1978), "Сцежкаю жыцця" Генрыха Вагнера (1980), "Джардана Бруна" (1977), "Візіт дамы" (1995) і "Юбілей" (2002) Сяргея Картэса, "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Солтана (1989), "Майстар і Маргарыта" Яўгена Глебова, "Князь Наваградскі" Андрэя Бандарэнкі (1992), "Запіскі звар'яцелага" Вячаслава Кузняцова (2005), "Сіняя Барада і яго жонкі" Віктара Капыцько (2006) і шэраг іншых. Аснову рэпертуара тэатра таксама склалі оперы са скарбніцы еўрапейскай і рускай класікі, і першым чынам – шэдэўры італьянскага bel сanto: "Набука", "Баль-маскарад", "Аіда", "Атэла" Джузепе Вердзі, "Мадам Батэрфляй", "Тоска", "Багема" і "Турандот" Джакама Пучыні. Любімымі спектаклямі беларускіх гледачоў былі і застаюцца оперы "Князь Ігар" Аляксандра Барадзіна, "Травіата" Джузепе Вердзі, "Кармэн" Жоржа Бізэ і, вядома, рускі оперны шлягер "Яўген Анегін" Пятра Чайкоўскага. Значнымі падзеямі ў гісторыі Беларускай оперы сталі маштабныя пастаноўкі опер "Вайна і мір" Сяргея Пракоф’ева, "Лэдзі Макбет Мцэнскага павета" Дзмітрыя Шастаковіча, "Барыс Гадуноў" Мадэста Мусаргскага. Дзейнасць балетнай трупы ў 80-90-я гады характарызуецца бесперапынным узбагачэннем рэпертуара шэдэўрамі класікі, далейшым засваеннем лексікі сучаснай харэаграфіі. Пастаноўкі Валянціна Елізар’ева – "Кармэн-сюіта", "Стварэнне свету", "Тыль Уленшпігель", "Спартак", "Шчаўкунок", "Карміна Бурана", "Балеро", "Ромэо і Джульета", "Страсці", "Жар-птушка", "Вясна свяшчэнная" – сталі візітнай карткай калектыва, як на радзіме, так і за мяжой. Вялікім мастацкім дасягненнем балетнай трупы стала пастаноўка балета "Тыль Уленшпігель" (музыка Я. Глебава, сцэнаграфія Я. Лысіка). Спектакль пашырыў уяўленне пра творчыя магчымасці выканаўцаў галоўных партый (Л. Бржазоўскай, Ю. Траяна, Т. Яршовай, У. Іванова, С. Пясцехіна, В. Саркісьяна, У. Комкова і інш.). Гісторыя і сучаснасць знайшлі сваё адлюстраванне ў балеце на музыку С. Пракоф’ева "Ромэо і Джульета". Упершыню на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ўвасобілася ў тэатральным дзеянні знакамітая сцэнічная кантата К. Орфа "Carmina Burana". Падзеяй, якая атрымала шырокую грамадскую агалоску, стаў балет "Страсці (Рагнеда) ". Ён прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды і ахоплівае шырокі круг падзей старажытнай славянскай гісторыі, аж да хрышчэння Русі пры князі Уладзіміры напачатку Х стагоддзя. У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатр падзяліўся на самастойныя структуры: оперы і балета. У 2009 годзе пасля капітальнай рэканструкцыі будынка было прынята рашэнне зноў аб'яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. У абноўленым будынку тэатра рыхтуюцца новыя оперныя і балетныя пастаноўкі. У 76-м тэатральным сезоне адбылася прэм'ера беларускай камічнай оперы "Чужое багацце нікому не служыць", рэканструяванай Уладзімірам Байдавым і Віктарам Скорабагатавым па аўтэнтычных партытурах кампазітара Яна Давіда Голанда. А таксама адноўлены балет "Марная засцярога" нямецкім харэографам-пастаноўшчыкам Дзітмарам Зайфертам. У 77-м тэатральным сезоне плануецца пастаноўка прэм'ернага балетнага спектакля "Папялушка" і оперы "Трубадур". У складзе тэатра таксама працуе творчы калектыў "Беларуская капэла", які займаецца навуковай, выдавецкай і канцэртнай дзейнасцю, накіраванай на адраджэнне старадаўняй беларускай музыкі (у прыватнасці, па ініцыятыве і пры ўдзеле калектыва былі выкананы запісы старадаўніх беларускіх опер "Агатка" і "Апалон-заканадавец", пастаноўка оперы "Фаўст"). З 1990 года пры тэатры працуе Дзіцячы музычны тэатр-студыя. У яго афішы – 5 спектакляў для дзяцей. За апошнія 15 гадоў калектыў тэатра пабываў больш як у 30 краінах свету, прычым у многіх краінах гастраляваў неаднаразова. Напэўна, на геаграфічнай карце хутка застанецца зусім мала дзяржаў, дзе хоць бы адзін раз не выступаў Беларускі балет: ад Партугаліі і Іспаніі да Японіі і Кітая, ад Нарвегіі і Вялікабрытаніі да Турцыі і Тайланда – усюды тэатр знайшоў сваіх гарачых прыхільнікаў. |



