| Юбілей | | Друк | |
|
20 лістапада спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Міхася Мікалаевіча Клімковіча
– драматурга, паэта, крытыка, даследчыка беларускай літаратуры і тэатра, педагога, аўтара гімна Беларускай ССР (1955 г.), старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі (1932-1939 гг.). Жанравая палітра драматычных твораў Міхася Клімковіча шырокая і разнастайная. Сярод іх – паэмы "Кацярына Жарнасек", "Адплата", гісторыка-рэвалюцыйная драма "Ўся ўлада Саветам!", трылогія "Георгій Скарына", аднаактоўкі "На Віленскай дарозе", "Маленькая хмарка" і інш. У сваіх творах аўтар імкнуўся паказаць розныя этапы гісторыі беларускага народа, яго гераічнасць і мужнасць. У гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Міхась Клімковіч вядомы як аўтар лібрэта оперы "Кастусь Каліноўскі" і балета "Князь-возера". У 1947 годзе ў эпічным спектаклі "Кастусь Каліноўскі" (дырыжор А. Брон, рэжысёры Б. Мардвінаў і У. Шахрай) была ярка ўвасоблена героіка-драматычная лінія оперы. Пастаўлены ў 1949 годзе, балет "Князь-возера" (дырыжор І. Гітгарц, балетмайстар К. Мулер, лібрэта – ў сааўтарстве з В. Вайноненам) адрозніваўся глыбокай народнасцю музычнага матэрыялу, вялікай эмацыйнасцю, акцёрскай ансамблевасцю. |



